– Адгадайце загадку, – прапануе наведвальнікам Рытанскага дома культуры яго загадчык Аляксандр Юргелянец. – Чатыры чатыркі, дзве растапыркі, адзін баўтун, два перавёртышы. Што гэта?
І тут жа дае падказку:
– Адгадка тут, побач з вамі, яе лёгка знайсці.
…Ды не так і лёгка, бо экспанатаў у невялікім фае Дома культуры, дзе нядаўна стаялі більярдны і тэнісны сталы, – не адзін дзясятак. Старадаўнія рэчы, якімі карысталіся ў паўсядзённых справах нашы дзяды і прадзеды, запоўнілі невялікае памяшканне.
– Во гэтаму школьнаму пеналу – не паверыце! – 100 гадоў, – паказвае Аляксандр Мечыслававіч даўнейшую школьную прыладу. – Вось бязмен, каб важыць воркі са збожжам. Бачыце, які вялізны? Гэтыя вілы з загнутымі зубамі я цудоўна памятаю: імі гной добра з воза сцягваць. Ну і ў хляве ён, зляжалы, лёгка падымаецца.
Няша – так проста і зразумела мясцовыя называлі каромысел, на якім насілі вёдры. З дзясятак гэблікаў розных памераў і прызначэння. Калекцыя драўляных лыжак. «Вось гэтай, вялікай, я ў дзяцінстве еў, таму і вырас такі вялікі, а брат вунь той, маленькай, зацірку сёрбаў – таму такі дробненькі», – жартуе Юргелянец.
Драўляная калыска пад столлю. Саматканыя дываны і ручнікі. З пяток маслабоек. Вялікія саламяныя і лазовыя кашы, кошыкі і кошычкі. А яшчэ даўнейшыя радыёлы, радыёпрыёмнікі, патэфоны, тэлевізары.
І так, вядома ж, адгадка на загадку – добра вядомы ўсім калаўрот!
Экспанатаў у музейнай экспазіцыі Рытанскага дома культуры ўжо больш за сотню, а людзі ўсё нясуць і нясуць! Як даведаліся, што Алік збірае старадаўнія рэчы для музея, так і панеслі хто што.
– Задум мноства, – дзеліцца Аляксандр Мечыслававіч. – Калёсы мне абяцалі аддаць, без адзінага цвіка зробленыя (калёсы – гэта воз па-руску, а не колы, як нехта падумаў, – Н.Р.). І зімовыя сані. Куды толькі паставіць? Мог бы бацькоўскую хату ахвяраваць для музея. Ды хто на мой хутар паедзе? А тут ці на канцэрт людзі прыйдуць, ці ў бібліятэку – кожны, хто ў дом культуры зойдзе, зазірне, пацікавіцца – і дзеці, і дарослыя.
– Мы запісваем у спецыяльны сшытак, хто што ахвяраваў для музея, – расказвае Юргелянец. – Хай застанецца памяць пра нас і нашых продкаў – для дзяцей нашых, для ўнукаў. Я думаю, спатрэбіцца…
…А більярдны і тэнісны сталы, дарэчы, таксама не прапалі – яны стаяць у вялікім фае. Ёсць тут чым заняцца і прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і аматарам даўніны.